КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш. слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.

У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.

Літ.:

Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)